This e-mail address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it
 RSS 
Лішайнік
Cetraria
Бурак сахарны
Beta vulgaris altissima
Груша
Pyrus communis
 RSS
Страваванне труса PDF Print E-mail

Эвалюцыя труса, як і іншых жывых істот, накіроўвалася на прыстасаванне да навакольнага асяроддзя, і, назіраючы за ладам жыцця дзікіх трусаў, мы можам ацаніць гэтую цесную адаптацыю. Свойскія трусы, калі вонкава трохі і іншыя, захавалі нязменнымі фізіялагічныя характарыстыкі сваіх дзікіх сваякоў, што працягваюць гойсаць па лугах. Дзякуючы страваванню жывёла атрымлівае пажыўныя рэчывы, неабходныя для падтрымання функцый цела. Прыродны корм труса - трава - адносна бедны пажыўнымі рэчывамі, але багаты на непераварвальныя валокны. Стрававальны тракт труса - цуд прыроды, ён уладкаваны так, каб перапрацоўваць гэтую бедную на пратэіны ды багатую на валакно ежу. Трус здольны здабыць максімум карысных пажыўных рэчаваў з "нішчымных" прадуктаў, што не ў стане зрабіць большасць іншых жывёл.

Адным з ключоў гэтага поспеху з'яўляецца тое, што трус - капрафаг, у яго двуэтапны спосаб стрававання. Ён вырабляе два тыпы надворку, з якіх першы, асаблівы, называецца цэкатрофамі. Гэты мякчэйшы надворак звычайна вырабляецца толькі ўначы і ўтрымоўвае шмат неабходных трусіку вітамінаў, пажыўных рэчываў, а таксама багаты карыснымі мікраарганізмамі з кішачніку, таму трус гэты надворак з'ядае адразу, непасрэдна з задняга праходу. З-за такой пабудовы самай здаровай ежай для трусіка з'яўляюцца сена, трава ды гародніна. Разгледзем падрабязней, чаму так:

Усе ведаюць, што ў труса ёсць доўгія разцы, і шмат хто ведае, што зубы труса маюць спецыфічную прыроду: яны стала растуць (як пазногці) недзе на 1 см за месяц, але застаюцца заўсёды адной даўжыні, бо сшароўваюцца пры жаванні. Але мала хто ведае, што ў труса ёсць яшчэ і заднія зубы. Чэрап звычайнага труса:

Кавалкі ежы трус адцінае разцамі, а перажоўвае ж іх заднімі зубамі, якія змешчаны вельмі далёка ў роце і мы іх ніколі не бачым. Для прастаты назавем іх карэннымі. Гэтыя карэнныя зубы таксама стала растуць, таму важна, каб трусік іх сшароўваў падчас ежы. У трусаў з неправільным прыкусам зубы не могуць сшароўвацца належным чынам падчас ежы, таму іх абцінаюць у ветэрынара. 

Ежа праз рот трапляе ў стрававод, а потым у страўнік, дзе ежа трохі санітызуецца. Страўнік гэтай жывёлы адносна малы і там вельмі слабыя мышцы, ён не вельмі здольны самастойна праштурхоўваць ежу далей у тонкі кішачнік. Стрававальны апарат труса ўладкаваны так, што ён павінен стала пасоўваць ежу, быць заўсёды ў руху. Каб ежа са страўніка прасоўвалася далей, трус павінен сілкавацца на працягу дня, маленькімі порцыямі, а яго страўнік напаўняцца новай кармавой кашыцай. Праштурхоўванне ежы праз страўнік ды кішачнік забяспечваюць грубыя валокны, таму так важны высокі змест травяных валокан. Сена заўсёды павінна мецца ў трусярні ў наяўнасці для вольнага карыстання. Кавалачкі перажаванага сена маюць памер

5 мм, памер, дакладна падыходны для таго, каб забяспечыць добрую працу страўнікава-кішачнага апарата труса. У гэтых звяркоў бывае ад 10 да 70 (!) невялікіх прыёмаў ежы штодня. Калі ж трусік працяглы час не мае ежы, а пасля паглынае вілікую яе колькасць, паўстае вострая небяспека для яго жыцця. Згадаю, што трусам нельга рабіць "галодны дзень", як гэта падчас рэкамендуецца, напрыклад, сабакам, - трусікам заўсёды патрэбна сена. Нават пры сталым кармленні свежай травой мае сэнс прапаноўваць дадаткова і яго.

Кішачны тракт. У той час, як тонкая кішка не ўяўляе значных адрозненняў ад нашай, сляпы ды тоўсты кішачнік значна зменены. Як траваедная жывёла, трус валодае складанай сістэмай стрававання, якая вельмі схільная да пашкоджанняў. Надстраўніца дадае стрававальныя ферменты, якія расшчапляюць крухмал ды бялок у тонкай кішцы: крухмал - у цукар, а бялкі - у амінакіслоты. У тоўстай кішцы з кармавой мяшанкі выдаляецца залішняя вільгаць, якая пераходзіць у арганізм жывёлы. Калі ў труса лякса, гэта значыць, што гэта функцыя парушана, і арганізм абезводжваецца. Трусы маюць дэлікатна збалансаваную флору ў кішачніку, не патрабуецца зашмат, каб "расстроіць справы".

Сляпы кішачнік з'яўляецца вельмі незвычайным органам стрававання ў трусіка, ён вельмі даўгі і можа змяшчаць у пяць разоў больш харчовай кашыцы, чым страўнік. Сляпы кішачнік, які ў нас ператварыўся ў непатрэбны прыдатак, у труса - вельмі развіты орган, "брузавальны чан", дзякуючы яму трус здольны вымаць пажыўныя рэчывы з грубых валокнаў ежы. Там мяшкаюць адмысловыя бактэрыі, якія "пераварваюць" валокны замест труса, ператвараюць грубыя валокны ежы ў крухмал, здабываюць з іх вітаміны. Такое бактэрыяльнае брузаваньне спрыяе інтэнсіўнай перапрацоўцы сена ды травы, у выніку чаго трусу становяцца дасягальнымі важныя пажыўныя элементы. Некаторая колькасць рэчываў усасваецца праз сценкі цэкальнай кішкі, але большая частка пажыўных рэчываў (амінакіслоты і мноства вітамінаў) выходзяць разам з надворкам. Трусы вырабляюць два тыпы надворка. Каб здабыць рэчывы з цэкатрфаў, трус іх з'ядае непасрэдна з анусу, каб яны былі паўторна перавараны (гэта неабходна). Таму, калі трусік здаровы, Вы наўрад ці заўважыце гэты адмысловы надворак. Дадзены працэс, які завецца цэкатрофія, спрыяе аптымальнаму забеспячэнню арганізма жывёлы пажыўнымі рэчывамі ды вітамінамі, асабліва групы B. Такім чынам трусы могуць здабыць максімальную колькасць пажыўных рэчываў з бедных на калорыі страў: яны літаральна вырабляюць частку іх уласнай ежы! Калі кавалачкі валокнаў занадта вялікія (ад 5 мм і больш), кішачныя бактэрыі не могуць іх пераварыць, і яны выводзяцца, утвараючы тыповыя катышкі, якія мы бачым у трусінай прыбіральні. Яны цвёрда сфармаваны і добра падыхозяць як угнаенне для гароду. Найбольш пашыраныябактэрыі ў цэкуме - бактэрыёды з невялікай колькасцю кластрыдый ды е.колі. Цэкатрофы пакрытыя адмысловай абалонкай, што абараняе бактэрыі, пакуль яны праходзяць кіслотны страўнік на шляху ў сляпы кішачнік. Пасля другога кантакту з бактэрыяльнай флорай сляпой кішкі надворак выдаляецца са звычайнымі сухімі бабкамі.


Калі вадкае маленькае ўтрыманне кішачніка дабіраецца да вобласці злучэння тоўстага і сляпога кішачніка, гаўстра перамяшчае ежу наперад мускульнымі скарачэннямі, доўгія валокны аддзяляюцца ад легкатраўнай часткі ежы і перамешчаюцца да цэнтру тоўстага кішачніка, дзе яны становяцца цвёрдым сухім, непатрэбным надворкам і выдаляецца з цела. Легкатраўная частка ежы перамешчаецца ў сляпую кішку, каб падпасць брузаванню. У тоўстым кішачніку фактычна вылучаецца вада, каб дапамагчы падзяляць валокны і не валокны. Вялікія валокны рухаюцца, а легкатраўныя часціцы назапашваюцца ўздоўж сценак ў тоўстым кішачніку. Гэтыя легкатраўныя часціцы потым перамешчаюцца рэтраградным чынам назад у сляпы кішачнік. Вельмі важна мець вадкую частку, каб сартыраваць ежу ў гэтай вобласці, таму можа быць шкодна выкарыстоўваць такія рэчы, як Metamucil, на трусах, гэтыя прадукты маюць тэндэнцыю паглынаць вільгаць, і вынікам можа быць завала.

Кармленне ежай з невялікай колькасцю валакна выклікае захворванні стрававальнага тракта. Шмат якіх з гэтых праблем можна пазбегнуць або мінімізаваць іх, забяспечыўшы наяўнасць сена. Трусы не могуць ванітаваць, як гэта робіць котка. Брулі труса могуць змяняць колер (нават на чырвоны) у залежнасці ад яго ежы. Па дадзеных ветэрынарных лекараў, трусы, якіх кармілі ежай з высокім утрыманнем тлушчу, часта гінуць ад пячоначнага стаятоза. У трусаў незвычайны метабалізм кальцыя. У большасці млекакормячых колькасць кальцыя, паглынутага з ежы, рэгулююецца на ўзроўні кішачніка гармонам парашчытавіднай залозы, але паглынанне кальцыя трусамі менш добра адрэгулявана, і яны паглынаюць кальцый у прапорцыі ад таго, колькі яго прысутнічае ў іх дыеце, не залежна ад таго, патрабуюць яны кальцый ці не. Любы залішні кальцый, які паглынаецца ў крывацёк ад кішачніку, вылучаецца праз мачавыя шляхі, дзе ён можа прывесці да хваробы.

Дрожджы і трус. Каб не парушыць працэс брузаваньня ў сляпой кішцы, варта пазбягаць раптоўнай змены корму. Стрававальны тракт труса заселены карыснымі бактэрыямі, і калі баланс бактэрый парушаны дрэннай дыетай, нясвежай ежай або раптоўнай зменай у дыеце, шкодныя бактэрыі могуць захапіць страўнік з кішачнікам і забіць труса. Усё часцей у ветэрынарнай практыцы з'яўляюцца трусы з мяккім ці падобным да ляксы надворкам, трусы, якіх апушыла і ў якіх баліць жывот. У шматлікіх выпадках у гэтым вінаватая дражджавая параза кішачніка. Дрожджы - гэта грыбы, якія ў вельмі малаважнай колькасці амаль заўсёды знаходзяцца ў кішачніку труса. Масіўнае павелічэнне дрожджаў і лякса выклікаюцца зменай асяроддзя кішачніка. Небяспекі заразы для жывёл-сябраў не існуе, бо дрожджы не ўмеюць пашырацца ў кішачніку здаровых жывёл.

Што адбываецца? Цукар ды крухмал з'яўляецца крыніцай сілкавання дрожджаў. Насенне і збожжа ўваходныя ў склад мюсли таксама багатыя крухмалам. Ежай з вялікай колькасцю крухмалу ці цукру Вы ствараеце ім ў сляпым кішачніку асяроддзе з выдатнымі пажыўнымі рэчывамі. Гэта вядзе да застою калавых мас ды ўздуцця жывата. Крухмал у кішачніку ператвараецца у цукар, ад якога брузнеюць дрожджы. Узнікаюць газы, якія націскаюць на кішачную сценку. З прычыны гэтага крывяносныя судзіны сціскаюцца і моцна пагаршаецца крывавае забеспячэнне тканіны кішачніка. Калі труса апушвае, гэта можа шкодзіць не толькі лакальна тканінам кішкі, але і выклікае адмову цыркуляцыі крыві і прыпыненне сэрца. Да таго цурар зніжае велічыню pH у кіслай вобласці, з прычыны чаго адміраюць незаменныя бактэрыі ў кішачніку – лактабацылы – і такім чынам ствараецца больш паразлівае месца для нападу дрожджаў і шкодных бактэрый, такіх, як e.coli. Гэтыя непажаданыя зародкі не могуць расшчэпваць цэлюлозу (валокны) у ежы і такім чынам не могуць таксама ўтварыцца важныя для рэчыўнага абмену рэчывы і вітаміны. Пашкоджаны кішачнік не здольны добра пазбаўляць вады стрававальную кашу, таму даходзіць да ляксы. Наступствамі з'яўляецца недахоп пажыўных рэчываў і дэфіцыт вады, які працягла і адмоўна ўплывае на абменную сістэму труса. Трусіку з бактэрыяльным дызбалансам патрэбна дапамога.

 
Rating All.BY ⠫ TUT.BY ⠫
᪨ ᠩ⮢ i    ⠫+᪮ ⥬